17 студзеня гэтага года пачаліся Шамякінскія чытанні. У Гомельскай абласной бібліятэцы перад студэнтамі выступілі выхаванцы Школы маладога літаратара абласнога Палаца дзяцей і моладзі са сваімі творамі, прысвечанымі нашаму земляку, народнаму пісьменніку Івану Шамякіну. Кіраўнік школы, педагог Нікіціна Ніна Нічыпараўна (Шклярава), падзялілася сваімі ўспамінамі пра знакамітага пісьменніка, які працаваў пасля вайны ў яе роднай весцы Пракопаўка.
18 студзеня эстафету Шамякінскіх чытанняў прыняла Славянская спецыялізаваная бібліятэка. Прагучалі творы юных паэтаў Школы маладога літаратара абласнога Палаца творчасці. Яны працягваюць традыцыі нашых землякоў, пішуць пра тое, што хвалюе людзей спакон вякоў: пра родны кут, каханне, пра сваіх знакамітых продкаў. Цепла ўспрымалі прысутныя верш Аліны Рыцік «Каханне», займальны расповед Кацярыны Мяньковай пра школьных следапытаў… Апладысментаў не шкадавалі і самай юнай Варвары Гарнак. Тыя, хто дружна ўдзельнічаў у віктарыне, атрымалі салодкія прызы. Усцешна, што моладзь чытае нашых землякоў і ведае іх творы.